Дзень Незалежнасьці
25 сакавіка
плошча Я. Коласа, 18:00

90-БНР | Беларуская Народная Рэспубліка

Герб БНР

25 сакавіка 1918 году ў Менску Трэцяй устаўнай граматай была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларусь абвяшчалася Незалежнай I Вольнай Дзяржавай. İдэаламі БНР сталі свабода, мір, справядлівасьць — блізкія кожнаму жыхару сёньняшняй Беларусі.

Утварэньне БНР падтрымалі лепшыя сыны нашага народу. Абвяшчэньне незалежнасьці вітаў Янка Купала. На зьмены, на лепшае жыцьцё спадзяваліся беларускія рабочыя й сяляне. Аднак супраць самавызначэньня беларускага народу выступілі кайзэраўскія нямецкія войскі й расейскія бальшавікі. Гэтыя сілы задушылі маладую Беларускую Народную Рэспубліку.

Аднак ідэі дабра й справядлівасьці не перасталі жыць у нашым народзе. Сёньня Беларусь мае незалежнасьць, і нашыя хлопцы ня гінуць у аўганскіхці чачэнскіх гарах. Гэта — заслуга Акту 25 сакавіка. Захаваць незалежнасьць, якая дасталася беларусам дарагім коштам — значыць забясьпечыць будучыню нашых дзяцей. Бальшыня беларусаў ня хоча жыць так блага, як зараз. Кожны цьвярозы чалавек бачыць, што гэтая ўлада існуе толькі дзеля сябе: крадзе, хлусіць, забівае. Кожны жыхар Беларусі прагне пераменаў да лепшага. İ гэты год можа стаць пераломным у гісторыі нашай краіны. Сёлета выбары новага прэзыдэнта, і толькі ад нас залежыць нашая будучыня.

Незалежнасьць нашай краіны, нашага дому — гарантыя міру, стабільнасьці й дастатку. Арганізацыйны камітэт заклікае вас далучыцца да сьвяткаваньня 25 Сакавіка — Дня Волі. Разам мы зробім Беларусь шчасьліваю.

Шэсьце 25 сакавіка пройдзе па цэнтральных вуліцах Менску

6 лютага ў Менгарвыканкам пададзена заяўка на правядзеньне 25 сакавіка ў сталіцы мітынгу й шэсьця з нагоды 90-й гадавіны абвяшчэньня БНР.

Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў кіраўнік аргкамітэта па правядзеньні акцыі Віктар івашкевіч. Заяўку на правядзеньне шэсьця й мітынгу падпісалі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і старшыня аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч.

Заяўнікі плянуюць, што ўдзельнікі акцыі зьбяруцца ў 18.00 на плошчы Якуба Коласа перад будынкам Белдзяржфілярмоніі, пройдуць па праспэкце Незалежнасьці да вуліцы Валадарскага, а потым — па вуліцах Гарадзкі Вал, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. Шэсьце павінна завяршыцца невялікім мітынгам у сквэры Янкі Купалы.

Падчас акцыі ўдзельнікі плянуюць ускласьці кветкі да помнікаў Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Адаму Міцкевічу, а таксама да дома, дзе адбылося абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паводле слоў В.İвашкевіча, «цяжка прагназаваць, якім будзе адказ уладаў». «Але існуе вялікая верагоднасьць, што мітынг і шэсьце будуць дазволены. Пра гэта сьведчаць падзеі восені 2007 года, калі былі дазволены Эўрапейскі й Сацыяльны маршы, а таксама вызваленьне Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча, Аляксандра Зьдзьвіжкова», — зазначыў ён.

Палітык лічыць, што беларускія ўлады «зацікаўлены зрабіць чарговыя крокі добрай волі».

БелаПАН

Паштоўка 1Паштоўка 2

Гістарычны экскурс пра БНР

У выніку і-й Сусьветнай вайны развалілася Расейская і Аўстра-Вугорская імпэрыі. У 1917-1918г. у Эўропе былі абвешчаныя незалежнасьці шэрагу краінаў: Вугоршчына, Чэхаславакія, Польшча, Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Украіна (УНР), Малдова, Грузія і інш. Не абмінула незалежнасьць і Беларусь.

У сьнежні 1917 году ў будынку Менскага гарадзкога тэатру адбыўся і Усебеларускі зьезд. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты ад рабочых, інтэлігенцыі, сялянаў, салдатаў-франтавікоў і афіцэраў, дэлегаваных з усіх рэгіёнаў Беларусі. Дэлегаты Зьезду выказаліся за абвешчаньне Незалежнасьці Беларусі. Аднак, калі зьезд прыняў рэзалюцыю аб утварэньні сваёй беларускай улады, расейскія бальшавікі з гвалтам разагналі сход. Але выканкам зьезду прадоўжыў сваю працу ў падпольлі.

19 лютага 1918 года, калі бальшавікі з-за набліжэння кайзэраўскіх войскаў пачалі ўцякаць зь Менску, беларускія ўзброеныя атрады ўзялі горад пад кантроль. 9 сакавіка 1918г. Выканкам Усебеларускага зьезду абвясьціў стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць БНР.

Улада БНР прызнавалася амаль па ўсёй Беларусі.

Нямецкія акупанты сталі чыніць перашкоды беларускай адміністрацыі. Восеньню 1918г. бальшавіцкая Расія пачала ўзброеную агрэсію супраць БНР, а вясной 1919 г. палякі пачалі наступ з захаду. У той час, калі ў Румыніі было заблякаванае сфармаванае шматтысячнае беларускае войска, на Беларусі завязаліся жорсткія баі паміж беларускімі апалчэнцамі й расійскай Чырвонай арміяй. Сілы былі няроўныя, і ў 1920г. Беларусь, як і Украіна, была акупавана бальшавікамі, а потым падзелена паміж савецкай Расеяй і Польшчай.

Законны ўрад БНР, прызнаны 8 краінамі свету, вымушаны быў прадоўжыць дзейнасьць у эміграцыі, спачатку ў Вільні, Празе, потым у ЗША. Рада БНР дзейнічае да гэтага часу.


Што для мяне БНР

Генадзь Бураўкін, пісьменьнік:

Для мяне гэта БНР — адна з самых яскравых старонак нашай гісторыі. Гэта першае абвяшчэньне Незалежнай Беларускай Дзяржавы. На жаль, ня ўсё, што задумвалася айцамі-заснавальнікамі, атрымалася зьдзейсьніць, часткова гэта з-за імпэрскіх амбіцыяў некаторых нашах блізкіх суседзяў. Але ў нас, галоўнае, засталіся дакумэнты БНР, граматы БНР, мы іх павінны ведаць і вывучаць.

Уладзімір Арлоў, пісьменьнік, сябра Сойму Партыі БНФ:

БНР — нязьдзейсьненая мара нашых папярэднікаў, якая працягвае натхняць нас, і ўрэшце, прывядзе нас назад, у Эўропу.

Лявон Вольскі, рок-музыка:

БНР для мяне — гэта вялікая рамантыка, а 25 Сакавіка — цудоўнае рамантычнае сьвята.

Алег Трусаў, старшыня ТБМ:

БНР для мяне — гэта сёньняшняя незалежная Беларусь, не было б яе, не было б нічога.

Мар’яна Вясеніна, студэнтка:

Для меня Беларуская Народная Рэспубліка — гэта найцяжэйшы і найцікавейшы час нашае гісторыі. Тады нашыя продкі змагаліся за сваю Свабоду, за Незалежнасьць Беларусі. Я думаю, што праз палітыку і палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі сёньняшняя назова дыскрэдытавала сябе. Нам трэба вяртацца да ранейшае назовы, да нацыянальных сымбаляў — бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня.

Валер Пуціцкі, Гомель:

БНР — гэта нашая гісторыя, нашае мінулае. Народ, які ня ведае свайго мінулага, ня мае і будучыні. Нам ёсьць, чым ганарыцца. Незалежнасьць нашых земляў прайшла тысячагадовую адзнаку — ад Полацкага княства да ВКЛ і Рэчы Паспалітай, куды ВКЛ увайшло на канфэдэратыўнай аснове. Калі Беларусь у выніку анэксіі аказалася калёніяй Расейскай імпэрыіі, пачаўся заняпад нашай культуры і народа. Чалавека, які не ганарыцца сваёй нацыяй, сваім народам, не паважаюць ва ўсім сьвеце. Такі чалавек лёгка пойдзе на здраду і свайму бліжняму і Радзіме. БНР - гэта нашае мінулае, якое мы павінны памятаць.

İван Нікітчанка, прафэсар:

БНР — гэта зерне, якое трапіла ў добрую глебу, якое стварыла сёньняшнюю свабодалюбівую частку беларускага народу. İ гэтае зерне хутка прарасьце, я ўпэўнены ў гэтым.

Станіслаў Суднік, рэдактар газэты «Наша Слова»:

Для мяне БНР — гэта найбольш яркая праява векавечнага імкненьня беларускай нацыі да незалежнасці.

Сяргей Мудрачэнка, сябра Сойму Партыі БНФ:

Для мяне БНР мае значэньне як практычнае, так і ідэйнае. Утварэньне Рэспублікі і абвяшчэньне ейнай незалежнасьці было актам аднаўленьня дзяржаўнасьці нашай нацыі. Нават беручы пад увагу ўсе тагачасныя акалічнасьці і выніклыя адсюль асаблівасьці функцыянаваньня БНР як дзяржаўнага арганізму, трэба вызнаць, што Акт 25 Сакавіка стаўся лёсавызначальным для беларускага народа. Я пішу гэтыя радкі менавіта на беларускай мове толькі таму, што ў далёкім 1918 годзе была прынятая 3-я ўстаўная грамата. Мудрасьць і мужнасьць айцоў-заснавальнікаў БНР служыць для мяне крыніцай натхненьня, узорам паводзін у акрутным становішчы, калі, здаецца, няма ніякае надзеі. Праз 90 год мы, фронтаўцы, пераняўшы эстафэту пакаленьняў, прадаўжаем традыцыю нашых папярэднікаў. Ці ня ў гэтым сэнс жыцьця — прыняць ад продкаў і перадаць нашчадкам?

А.Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафэсар:

Самае галоўнае — трэба каб гэтае сьвята стала набыткам усяго грамадзтва, а ня толькі беларускае эліты, якая сьвяткуе яго ад душы ў сям’і, у сваіх кампаніях. Гэта павінна быць сьвята ўсяго грамадзтва. Наша задача: засьведчыць яго існаваньне, не паленавацца патэлефанаваць усім знаёмым і незнаёмым людзям, павіншаваць іх са сьвятам, наведаць імпрэзы. Трэба, каб як мага больш людзей ведалі, што гэтае сьвята ёсьць. Гэта сьвята № 1 у Рэспубліцы Беларусь. Каб не было гэтага сьвята, не было б і Рэспублікі Беларусь. і толькі дурная наша сёньняшняя ўлада гэтага сёньня не разумее. Яны сядзелі б, у лепшым выпадку, у калгасных кутах, каб ня гэтая дата, ня гэтая Устаўная грамата, Дэклярацыя нараджэньня беларускай нацыі.

Кастусь Смолікаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ:

Для мяне БНР азначае, што мы маем такую ж багатую гісторыі, як і нашыя суседзі. Толькі савецкія гісторыкі і сучасныя «гісторыкі» адмаўляюць права беларусаў на існаваньне дзяржаўнасьці ў новы пэрыяд. БНР — гэта падмурак нашай незалежнасьці.

Юрась Карэтнікаў, лідэр «Правага Альянсу»:

Асабіста для мяне БНР — гэта крышталізацыя беларускай волі да незалежнасьці, паказчык сьпеласьці тагачаснай беларускай эліты, якая ўзяла адказнасьць за беларускі народ і дзяржаву. А сёньня 25 Сакавіка гэта мусіць быць днём нацыянальнага адзінства і адзначацца адпаведна ўсімі бакамі.

Лера Сом, паэтэса, сябра Сойму Партыі БНФ:

БНР — пачатак новай старонк гісторыі Беларусі, першая птушка новай вясны — аднаўленіня дзяржаўнасьці, вяртаньне нашай краіны на палітычную мапу сьвету.

Тацяна Беланогая, бардэса:

Як і для кожнага беларуса, для мяне БНР — гэта першае дзяржаўнае ўтварэньне, грамадзяне якога горда сказалі, што яны беларусы. Гэта — нашае мінулае, увасабленьне таго, да чаго мы імкнемся — да Свабоды, да Незалежнасьці.

Вадзім Канапацкі, малады спэцыяліст:

Для мяне БНР гэта — сымбаль, сымбаль торжества беларускага народу ў сваім памкненьні жыць у самастойнай дяржаве. Лепшыя дочкі і сыны беларусі ў пачатку мінулага стагодзя ўзнялі сцяг беларускай незалежнасьці і годна пранеслі яго праз ліхалецьця двацатага стагодзя. Сёньня нашая задача несьці эстафету свабоды, незалежнасьці, адраджэньня і не даваць пляміць нашыя сымбалі ўсялякім маральным вырадкам.

Алесь Дзергачоў, старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі Партыі БНФ:

БНР для мяне — сымбаль неўміручасьці Беларусі, патрыятызму, сьмеласьці і рашучасьці, неўтаймаванага імкненьня да свабоды. Гэта таксама ўзор прыняцьця палітыкамі адзіна правільнага рашэньня ва ўмовах адсутнасьці часу на роздум.



Баршчэўскі: «25 сакавіка — дзень, калі нас баіцца ўлада»

25 сакавіка — сьвята беларускай незалежнасьці. Чаму ў гэты дзень недастаткова адзначаць ў коле сяброў ці сваякоў, але трэба выходзіць на вуліцу?

Так склалася, што 25 сакавіка не зрабілася сямейным сьвятам. Цягам многіх дзесяцігодзьдзяў яно несла акурат палітычную нагрузку. Бо за савецкім часам гэтае сьвята афіцыйнымі ўладамі абсалютна замоўчвалася, а ў лукашэнкаўскай Беларусі яно ўвесь час нагадвае намэнклятуры, якая захавала сваю ўладу, пра тыя паразы, што яна пацярпела ў 1990-1991 гадах. Сёньня гэта, сярод іншага, дзень пратэсту супроць гандлю нашай незалежнасьцю, які ідзе ўвесь час і, на жаль, будзе, відаць, доўжыцца яшчэ нямала гадоў.

Якім чынам адстойваньне ідэалаў БНР можа забясьпечыць рэалізацыю беларускіх нацыянальных інтарэсаў сёньня?

Беларуская Народная Рэспубліка — першае дзяржаўнае ўтварэньне, якое гістарычна было абвешчанае ў сэрцы Беларусі, Менску, прычым у надта складанай гістарычнай сытуацыі. İ гэта было зроблена ў 1918 годзе карэннымі жыхарамі тутэйшага краю — беларусамі, габрэямі, палякамі, расейцамі. Менавіта таму ідэалы БНР ня могуць быць нізрынутыя ў нябыт альбо скампрамэтаваныя. Дзеячы БНР, робячы гістарычны крок — абвяшчэньне незалежнасьці краю — добра ўсьведамлялі, што рызыкуюць сваімі жыцьцямі. А гэта — самае дарагое, што можа быць у сьмяротнага чалавека. Хіба тое ня ёсьць нам яскравым прыкладам, як трэба змагацца за беларускую і эўрапейскую Беларусь?

Наколькі вулічныя акцыі 25 сакавіка ў папярэднія гады паўплывалі на палітычную ці сацыяльна-экнамічную сытуацыю ў Беларусі?

Узгадайма, што для паўкаляніяльнай уладнай сыстэмы 25 Сакавіка ад 1996 году было сапраўдным галаўным болем. Успомнім, да прыкладу, як генерал Сівакоў выстаўляў на кожныя 10 мэтраў праспэкту ўзброеных жаўнераў унутраных войскаў, выводзіў на вуліцу бранятэхніку, інтэрнаваў у ангары на вуліцы Маякоўскага ня толькі кіраўнікоў БНФ, але й замежных журналістаў і нават дыпляматаў. Прыгадайма, колькі ўжо не дзясяткаў, а соцень тысячаў тых самых жаўнераў і міліцыянтаў мабілізоўвалася ўладамі на тое, каб перашкодзіць народным маніфэстацыям толькі цягам апошніх 10-12 гадоў… Не забудзьма, як летась рэжым арганізоўваў свае контр-імпрэзы (канцэрты «За Беларусь») — менавіта ў гэты дзень. Так што 25 сакавіка ёсьць напраўду тым днём, калі ўлада РЭАЛЬНА НАС БАİЦЦА! А раз баіцца — значыць, адчувае, што не такая яна ўжо ўсясільная й непахісная.

«НезалежныЯ» — да 90-годзьдзя БНР

У музычны зборнік «Незалежныя» увойдуць 15 песень разнастайных стыляў і кірункаў, якія дагэтуль не былі прадстаўленыя ў музычных альбомах ці сынглах. Галоўная мэта праекта — прадэманстраваць ідэйнае адзінства беларускіх выканаўцаў.

Паводле ўкладальніка Адама Птушкі, альбом «Незалежны Я» пазбаўлены палітызаванасьці. «Побач з урачыстым патрыятычным гітом ад Піта Паўлава прадстаўлена разняволеная ска-панкавая кампазыцыя гурта Ска!РБ, „металічнаму“ Тарпачу супрацьстаяць папсовыя „Кальмары“. Удзельнікаў складанкі яднае імкненьне да чалавечай свабоды і дзяржаўнай незалежнасьці», — заявіў у інтэрв’ю БелаПАН Раман Латушка. Плянуецца, што ў альбом увойдуць песьні гуртоў «Н.Р.М», «Pomidoroff», «Garadzkija», «Zet», «IQ-48», «Siver», «Band A», «B:N:», «Сьцяна», «Partyzone» і іншыя. Арганізатары паведамляюць, што сьпіс не закрыты, і кожны ахвотны гурт мае магчымасьць бясплатнага запісу ў прафэсійнай студыі. Для гэтага трэба зьвязацца з арганізатарамі па электроннай пошце 25sakavika@gmail.com

Арганізатары параўноўваюць свой праект з альбомамі «Песьні Свабоды», якія бясплатна распаўсюджваліся пад час палітычных кампаніяў. Партыя БНФ і згуртаваньне «БМА-груп» зьбіраюцца раздаваць дыскі з альбомам «Незалежныя» на акцыі з нагоды абвяшчэння незалежнасьці БНР, заплянаванай на 25 сакавіка.

Прэс-група Партыі БНФ